ТЭКТАНІ́ЧНЫЯ КА́РТЫ,

спецыяльныя геалагічныя карты, на якіх паказаны структура зямной кары і асн. этапы яе развіцця ў асобных рэгіёнах або на Зямлі. Паводле зместу Т.к. падзяляюцца на структурныя (марфалогія і тыпы тэктанічных структур), у т. л. палеаструктурныя (структура геал. паверхняў на пэўны гіст. час), і ўласна Т.к. (марфалогія, таксама гісторыя фарміравання тэктанічных структур, стадыі і этапы іх развіцця, сувязь магматызму з тэктонікай). Сярод уласна Т.к. вылучаюць звычайныя тэктанічныя, палеатэктанічныя, тэматычныя і спец. (карты неатэктонікі, нафтагазаносных абласцей, глыбіннай будовы, сейсмічна небяспечных раёнаў і інш.). Кожны з гэтых тыпаў падзяляецца на карты агульныя, або аглядныя (ахопліваюць вял. тэрыторыі), і рэгіянальныя (тэктанічныя формы асобных рэгіёнаў і іх развіццё). Паводле маштабу бываюць дробна-, сярэдне- і буйнамаштабныя. Карты з’яўляюцца асновай прагнозных карт на пошукі карысных выкапняў. У 1976 выдадзена Тэктанічная карта Беларусі ў маштабе 1:1 000 000, у 1977—1:500 000 (Ін-т геал. навук АН і Бел. н.-д. геолагаразведачны ін-т ВА «Белгеалогія». У аснову карты пакладзены прынцыпы рэгіянальнага тэктанічнага раянавання (паводле ўзросту асн. этапу фарміравання платформавых структур). За складанне карты і манаграфію «Тэктоніка Беларусі» (1976) аўтарам Р.​Г.​Гарэцкаму, Г.​У.​Зінавенка, В.​С.​Конішчаву, Б.​В.​Бандарэнку, Р.​Я.​Айзбергу, У.​М.​Макарэвічу, У.​А.​Багіну, В.​І.​Пасюкевічу прысуджана Дзярж. прэмія Беларусі 1978.

Літ.:

Бархатов Б.П. Тектонические карты. Л., 1979;

Гарецкий Р.Г. Тектонические карты. М., 1973;

История геологических наук в Белорусской ССР. Мн., 1978.

А.​М.​Каўхута.

т. 16, с. 111

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)